Новости

Шумілінскi камунгас набыў новы шчэпаздрабняльнік

 Передвижной рубильный комплекс, щеподробилка

27 снежня мінулага года на тэрыторыю цэнтральнай кацельні УП ЖКГ нас прывяла навіна пра тое, што ў камунгас прыйшоў доўгачаканы шчэпаздрабняльнік. І сапраўды, вакол новенькага агрэгата сабралася кіраўніцтва і работнікі прадпрыемства, прадстаўнікі фірмы-вытворцы “Белінкаммаш”. Перасоўны рубільны комплекс ПРК-500 (менавіта так называецца ўстаноўка) уяўляе сабой магутны энерганасычаны трактар МТЗ-1523 з маніпулятарам і прычапным здрабняючым агрэгатам. Вось “рука”-маніпулятар бярэ з штабеля бервяно і падае яго да здрабняльніка, праз некалькі секунд з “хобата” ўстаноўкі паляцелі кавалачкі драўніны, а праз некалькі хвілін утварылася ладная куча шчапы.

“Наша прадпрыемства, – расказвае намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Белінкаммаш” М. М. Ляшко, – вырабляе разнастайную прадукцыю для камунальнай гаспадаркі: кацельні на мясцовых відах паліва, помпы, кагенерацыйныя ўстаноўкі, і вось такія перасоўныя рубільныя комплексы для вытворчасці шчапы магутнасцю ад 15 да 120 м3 у гадзіну. Уся прадукцыя вырабляецца ў супрацоўніцтве з замежнымі фірмамі, якія маюць вялікі вопыт у гэтай галіне і добра сябе зарэкамендавалі. Так, у гэтым агрэгаце рубільная ўстаноўка вытворчасці вядомай нямецкай фірмы “Heizomat”, трактар – наш “Беларус”, беларуская і зборка комплексу”.

Прадукцыя вельмі запатрабаваная, бо ў краіне расце попыт на мясцовыя віды паліва. Устаноўка, якую вырабілі для УП ЖКГ Шумілінскага раёна, забяспечвае перапрацоўку 55 м3 у гадзіну. Гэта першая такая ўстаноўка ў Беларусі. На шчапу можа перапрацоўвацца кустоўе, сучча, адходы ад распілоўкі лесу, карацей, любая драўніна дыяметрам 50 см і больш. Можна рэгуляваць і памер шчапы – ад 10 да 50 мм, тлумачыць М. М. Ляшко. З намеснікам гендырэктара прыехалі і некалькі спецыялістаў “Белінкаммаша”. Яны правялі абкатку і наладку ўстаноўкі, абучылі персанал, які будзе працаваць на агрэгаце. “Мы разумеем, што тэхніка дарагая і складаная, таму наша прадпрыемства ажыццяўляе трохгадовае гарантыйнае абслугоўванне і наступнае тэхнічнае суправаджэнне сваёй прадукцыі,” – расказаў Мікалай Маркавіч.

“Патрэба ў такой устаноўцы была даўно. У раёне на шчапу пераведзены кацельні ў Шуміліне і Обалі, на 2013 год запланавана ўстаноўка катлоў на шчапе ў аграгарадку Слабада, і праблема са шчапой была пастаянным галаўным болем. Уласны шчэпаздрабняльнік быў малой магутнасці, ён не мог забяспечыць патрэбы ў шчапе, часта ламаўся, – расказаў дырэктар УП ЖКГ І. К. Штуро. – Камунгасу прыходзілася арандаваць здрабняльнікі ў іншых раёнах і купляць шчапу. Значны плюс агрэгата – ягоная мабільнасць. Шчапу можна рыхтаваць адразу ў лесе і гатовую вывозіць да кацельняў”. Каштуе ўстаноўка нямала – 1,7 мільярда рублёў. Але эканамісты падлічылі, што за кошт вытворчасці шчапы эканомія складзе да 1,5 мільёна рублёў штодзень, расказаў Іван Казіміравіч. А стабільнае паступленне таннага паліва ў кацельні – стабільнае выкананне камунальных паслуг (ацяплення і гарачага водазабеспячэння) для жыхароў раёна.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.